Дырэктар школы звольнілася, пратэстуючы супраць выключэння "маладафронтаўца"

З салігорскай школы №4 напярэдадні апошняга выпускнога іспыту выключылі актывіста "Маладога Фронту" Івана Шылу. На гэтае рашэнне паўплываў прыезд камісіі з Мінску. На знак пратэсту са школы звольнілася дырэктар Вольга Сянькова.

Еўрарадыё пагаварыла з Вольгай Сяньковай, калі яна здавала справы і забірала свае рэчы з былога кабінета. Яна пацвердзіла, што сыход са школы звязаны з выключэннем Івана Шылы:

В.Сянькова: Я ўжо не дырэктар, я ўжо тут наводжу парадак. Я сыходжу. У мяне ёсць выслуга, і я сыходжу на пенсію па выслузе гадоў. Працаваць у адукацыі сёння немагчыма. У мяне адбілі ўсялякую ахвоту працаваць у адукацыі.

Вольга Сянькова працавала дырэктаркай школы з 1995 года. Яна трымала школу ў тройцы найлепшых у Салігорску. Апошняя педагагічная праверка ў школе адбылася ў лютым 2008 г.: тады узровень школы быў прызнаны роўным найлепшай гарадской гімназіі.