Супольная малітва католікаў і праваслаўных

1 лістапада 2009 г., ва ўрачыстасць Усіх Святых, у рыма-каталіцкай капліцы Маці Божай Каралевы Усіх Святых, што ў в. Макашы, адбылося асвячэнне праваслаўнага крыжа перад уваходам у капліцу і фігуры Езуса на пляцы перад могілкамі. Асвяціў крыж а. Ігар, настаяцель Георгіеўскай царквы ў Астроўках. Ініцыятарамі ўстанаўлення праваслаўнага крыжа пры ўваходзе ў капліцу на мясцовых могілках сталі самі вернікі. Большасць жыхароў вёскі — католікі, аднак сярод іх ёсць і праваслаўныя, вельмі распаўсюджаныя тут і змешаныя сужэнствы. Ідэю падтрымаў кс. Ігар Лашук, які таксама з’яўляецца ўраджэнцам гэтай вёскі. Дзякуючы добрай і святой традыцыі супольнай малітвы мясцовых вернікаў, цяпер тут побач узвышаюцца два крыжы — праваслаўны і каталіцкі. Гэту падзею ў невялікай вёсачцы можна назваць сімвалам адзінства, якое існуе ў беларускім народзе.