Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (урыўкі з інтэрв'ю Catholic.by):
— Калі ў сям’і ёсць дзеці, род працягваецца. Падобна і ў Касцёле: калі ёсць дзеці і моладзь, ён мае будучыню. Моладзь — гэта надзея Касцёла і надзея свету.
Мяне вельмі ўзрушыла вялікая колькасць прыступаючых да сакрамэнту споведзі. Я таксама каля паўтары гадзіны спавядаў «non stop».
Я ўбачыў, што моладзь умее па-хрысціянску весяліцца. Канцэтры, якія мелі хрысціянскі і духоўны змест, не былі асобнымі мерапрыемствамі, але з’яўляліся інтэгральнай часткай малітоўнай сустрэчы. Падчас пілігрымак, цэнтальнай урачыстасці ў Будславе і малітоўнай сустрэчы ў Івянцы моладзь паказала, што ўмее і маліцца, і весяліцца. Як некалі казалі: і да танца, і да ружанца. Брава, моладзь! Ад усяго сэрца дзякую вам!
Адной з мэтаў такіх малітоўных сустрэч з’яўляецца стварэнне клімату любові, даверу, узаемаразумення. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы будзем з павагай і любоўю адносіцца адно да аднаго, а таксама памятаючы пра галоўныя мэты дадзеных мерапрыемстваў. Перапрашаю, калі гэта не зусім удалося. Трэба памятаць, што ад нас і нашай сталасці залежыць будучыня падобных сустрэч.
.....................
Сапраўдная свабода — гэта не жыццё пад дэвізам «Я маю права!», а пастаяннае пытанне: якімі павінны быць мае адносіны да іншых, да іх поглядаў і перакананняў. Свабода — гэта жыццё праўдай адкупленых дзяцей Божых.
......................
І як дадае Бэнэдыкт XVI, не баяцца, бо Хрыстус нічога не забірае, а толькі дае.
..........
Пытанне:
— Сённяшняя моладзь, гэта людзі розных, часта радыкальных поглядаў на свет, культуру, сваё месца ў грамадстве, палітыцы. На Вашу думку, ці можа сёння Касцёл стаць для ўсіх іх домам?
Адказ:
— Дзверы Касцёла адчынены для ўсіх — людзей пабожных і грэшных. Касцёл святы, і адначасова гэта Касцёл грэшнікаў. .. і таму гэта сапраўдны дом для ўсіх.
.............
Часта мне задаюць пытанні: калі ў тым ці іншым раёне Мінска будзе пабудаваны касцёл? Мяркую, што гэтае пытанне не да біскупа, а да саміх вернікаў. Маё заданне — атрымаць дазволы на будаўніцтва святыні. У Мінску ўжо атрымана 6 пляцовак пад будову касцёлаў. Хто раней будаваў касцёлы? Самі вернікі. Пра гэта трэба памятаць. Пэўную, цяпер ужо зусім невялікую, дапамогу з-за мяжы мы, можа, і атрымаем, але галоўны цяжар павінны ўзяць на сябе самі вернікі. Так было заўсёды і застаецца актуальным па сённяшні дзень. Вернікі таксама павінны дбаць пра ўтрыманне будынка. На жаль, у нас прыжылося меркаванне, што за ўсё адказны святар. Касцёл належыць не святару, але вернікам. Святар нейкі час працуе ў адной парафіі, затым можа быць пераведзены ў іншую. Дарэчы, таксама і біскуп.
...........
Касцёл чакае ад нас евангельскага радыкалізму
....
Каталізатарам сапраўднага хрысціянства не можа быць ганенне на Касцёл, бо многія кажуць, што падчас пераследу вера была мацнейшая, а ў наш час —слабейшая. Вера мае наднацыянальны характар, надпалітычны, надэканамічны і г. д. Паводле сацыяльнага вучэння Касцёла, якое пададзена ў Кампендыуме, «Патрабаванні хрысціянскай веры немагчыма змясціць у нейкай адной палітычнай платформе. Сцвярджаць, што нейкая палітычная партыя ці кааліцыя поўнасцю адпавядае патрабаванням веры і хрысціянскаму жыццю — гэта значыць садзейнічаць узнікненню небяспечнай памылкі. Хрысціянін не знойдзе партыі, якая поўнасцю адпавядала б этычным патрабаванням, што вынікаюць з веры і з прыналежнасці да Касцёла. Прыналежнасць хрысціяніна да якой-небудзь палітычнай групоўкі ніколі не павінна быць ідэалагічнай, але заўсёды крытычнай, каб партыя і яе палітычная платформа атрымлівалі стымул для развіцця, якое будзе скіравана на сапраўднае агульнае дабро разам з духоўнай мэтай чалавека» (Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла, №573).
..................
