З надыходам цяпла службы рэспубліканскага таварыства выратавальнікаў на вадзе актыўна рыхтуюцца да пачатку купальнага сезону. Не засталіся ўбаку ад гэтых мерапрыемстваў і слонімскія выратавальнікі. На мінулым тыдні пра падрыхтоўку выратавальнікаў да купальнага сезону карэспандэнт “ГС” гутарыў з начальнікам Слонімскай выратавальнай станцыі Васілём Кулаком.
— Васіль Іванавіч, а ці зафіксаваны на Слонімшчыне сёлета няшчасныя выпадкі на вадзе?
— Так. Сёлета ўжо зарэгістраваны два выпадкі ўтаплення. Адзін меў месца ў Жыровічах. Там мужчына 1951 года нараджэння ішоў праз канаву, упаў тварам у ваду і ўтапіўся. А ў канаве той было ўсяго 10-15 сантыметраў вады. Экспертыза паказала, што мужчына быў моцна п’яны. Таму і ўтапіўся. Не змог нават павярнуцца, каб вада не трапіла ў дыхальныя шляхі. Яшчэ адзін няшчасны выпадак здарыўся ў красавіку ў Слоніме — мужчына ўтапіўся ў ванне. Таксама быў моцна п’яны.
— Што б Вы найперш пажадалі нашым чытачам і ўсім купальшчыкам у гэтым сезоне?
— Пажаданне адно: больш дысцыпліны на вадзе і ніякіх п’янак. Цвярозы ніколі не топіцца. Жадаю людзям прыемнага адпачынку. А нам?.. Каб менш было каго ратаваць і не было тапельцаў.
Газета Слонімская
