У Менску 27 прадстаўнікоў рымска-каталіцкага прыходу сьвятога Язэпа пачалі бестэрміновы пост за вяртаньне вернікам будынкаў манастыра бернардынаў з касьцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагодзьдзя.
У акцыі за вяртаньне сьвятыні ўдзельнічаюць людзі розных узростаў, узроўня адукацыі і прафэсій.
"Хтосьці зь іх пачаў чысты пост і абмежаваў сябе адной вадой, некаторыя задавольваюцца хлебам і вадой. Прычым кожны з удзельнікаў акцыі вылучыў для сябе вызначаны дзень паста. Я пашчуся тры дня ў тыдзень — у сераду, пятніцу і суботу", —кажа верніца Івона Мацукевіч. Па яе словах, гэтая ахвяра Богу стане дадаткам да набажэнстваў за вяртаньне сьвятыні вернікам, якія штодня праводзяцца тры з паловай года пачынаючы з 19 сакавіка 2005 года.
І.Мацукевіч зьвярнулася да ўсіх людзей добрай волі з просьбай падтрымаць чальцоў суполкі сьвятога Язэпа ў іх імкненьні вярнуць тое, што па праву прыналежыць вернікам.
Нагадаем, у 2007 годзе пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртаньне манастыра вернікам было сабрана больш 30 тысяч подпісаў. Акцыя пачалася пасьля таго, як стала вядома аб плянах Менгарвыканкама перадаць будынкі сьвятыні фундатарам для прыстасаваньня пад гасьцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэньня.
Манастыр быў канфіскаваны ў 1864 году ўладамі Расейскай імперыі пасля разгрому нацыянальна-вызваленчага паўстаньня супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На працягу наступных 144 гадоў дзяржава бясплатна карысталася комплексам, пабудаваным на сродкі вернікаў. Зараз з манастыра выселеныя службы ваеннай камендатуры і пракуратуры. Аднак у будынку касьцёла дагэтуль разьмяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва.
БХД
